« Back to all News

Перуджыйская дэкларацыя ў падтрымку Украіны

Міжнародны фестываль журналістыкі, а таксама ўдзельнікі і партнёры Глабальнага форуму медыяразвіцця заклікаюць узмацніць падтрымку незалежных медыя і журналістаў ва Украіне.

Author: Communications Gfmd | 7. April 2022

Уварванне Расіі ва Украіну яшчэ раз падкрэсліла найважнейшую ролю незалежнай і этычнай журналістыкі ў дапамозе грамадзянам прымаць жыццёва важныя рашэнні, у інфармаванні свету і прыцягненні да адказнасці моцных гульцоў.

З’яўляючыся магутным проціяддзем супраць дэзінфармацыі і прапаганды, якія характарызуюць гібрыдную вайну, а таксама апорай дэмакратыі, ад якой залежаць іншыя свабоды і правы, журналістыка ва Украіне падвяргаецца жудаснаму ўдару.

Пераслед, катаванні і забойствы журналістаў — гэта жах, які неабходна спыніць. Вінаватыя мусяць панесці адказнасць і паўстаць перад судом у адпаведнасці з нацыянальным і міжнародным заканадаўствам. Жорсткія анлайн-атакі супраць інфармацыйных аб’яднанняў і асобных журналістаў таксама мусяць быць спыненыя. Мы рашуча асуджаем напады Расіі на свабоду прэсы і свабоду слова ва Украіне.

Бяспека і абароненасць усіх журналістаў — гэта абсалютная неабходнасць. Журналісты мусяць мець магчымасць свабодна асвятляць падзеі, каб свет бачыў факты і разумеў, што насамрэч адбываецца падчас гэтай вайны і якія гуманітарныя наступствы праз яе ўзнікаюць.

Мы салідарныя з усімі журналістамі і незалежнымі медыя, якія асвятляюць агрэсію Расіі супраць Украіны.

Чым мацнейшай будзе пагроза жыццю ўкраінскіх журналістаў ды іх магчымасці працаваць і забяспечваць уласнае існаванне, тым з большымі намаганнямі мы будзем падтрымліваць іх. Фінансаванне, абарончая амуніцыя, абсталяванне, жыллё, навучанне, офісныя памяшканні ў замежных гарадах і псіхасацыяльная падтрымка — мы будзем намагацца забяспечыць нашых украінскіх калег усім неабходным, каб яны маглі працягваць асвятляць падзеі ды задавальняць надзённыя патрэбы сваіх аўдыторый.

Акно магчымасцяў для журналістыкі і журналістаў ва ўсім свеце

У краінах, што маюць доступ да незалежных крыніц навін, грамадскасць часта бывае настроеная скептычна, аднак у дадзенай сітуацыі яна прызнае храбрасць, самаадданасць і прафесіяналізм як украінскіх, так і міжнародных журналістаў і медыя. Нават урады, варожа настроеныя да свабодных і незалежных медыя, вымушаныя прызнаць, што журналістыка адыгрывае жыццёва важную ролю ў тым, каб свет бачыў уварванне ва Украіну такім, як яно ёсць. Тэхналагічныя кампаніі таксама пачынаюць усведамляць, што не ўся інфармацыя аднолькава значная і што маральны імператыў патрабуе надаваць належную ўвагу прафесійнай, незалежнай журналістыцы, якая прадстаўляе грамадскія інтарэсы.

Гэтае зноў здабытае прызнанне каштоўнасці журналістыкі грамадскасцю і палітыкамі досыць крохкае. Украінскія рэпарцёры і міжнародныя журналісты, якія вядуць рэпартажы з Украіны, заслужылі магчымасць атрымаць усеагульнае прызнанне важнасці сваёй працы — як вядома, самыя вялікія рухі прагрэсу часта адбываюцца падчас крызісаў, — і мы, усе разам узятыя, не можам дазволіць сабе прапусціць гэтую магчымасць.

Гэта момант, да якога мы ўсе маем быць гатовыя — дзеля найбліжэйшай будучыні і бяспекі нашых украінскіх калег, а таксама дзеля доўгатэрміновай жыццяздольнасці незалежнай журналістыкі, якая прадстаўляе грамадскі інтарэс, ва ўсім свеце.

У інтарэсах медыя і журналістаў ва ўсім свеце мы:

  • настойваем на тым, што дзяржавы і ўзброеныя групы мусяць вызваліць усіх зняволеных і выкрадзеных журналістаў, у тым ліку затрыманых або асуджаных пад выглядам абмежавання паклёпу або барацьбы з тэрарызмам;
  • усведамляем, што многія канфлікты і крызісы часам не атрымлівалі зладжанага, аператыўнага і ўстойлівага рэагавання, якога патрабуе наша калектыўнае сумленне;
  • сцвярджаем, што палявыя прадзюсеры з’яўляюцца журналістамі, а не «фіксерамі»: іх моўныя навыкі, культурная і рэгіянальная дасведчанасць ды трывалыя сеткі кантактаў маюць вырашальнае значэнне для міжнароднага асвятлення, і гэтыя асобы заслугоўваюць тых жа правоў, павагі, падтрымкі, сацыяльнай абароненасці і прызнання, як і ўсе журналісты, якія асвятляюць канфлікты;
  • абавязваемся актывізаваць нашы намаганні па падтрымцы журналістаў у зонах канфліктаў і ў выгнанні, у тым ліку незалежныя рэдакцыі і журналістаў з Беларусі і Расіі, якія былі вымушаныя пакінуць свае краіны;
  • звяртаем увагу, што падаўленне Расіяй іншадумства, напады на свабодную прэсу і неабгрунтаванае запалохванне вымушаюць журналістаў, непахісна адданых праўдзе і свабодзе слова, маўчаць або пакідаць краіну. Расіянам адмаўляюць у доступе да праўды.

Да міжнародных медыя і журналістаў мы звяртаемся з просьбай:

  • там, дзе гэта дазволена законам, перадайце рэшту сродкаў індывідуальнай абароны арганізацыям, якія могуць перавезці іх ва Украіну;
  • звярніце ўвагу на сацыяльную неабароненасць палявых прадзюсераў і перакладчыкаў, якія дапамагаюць замежным медыя, і дапамажыце забяспечыць для іх належную аплату, страхоўку і дадатковыя гарантыі бяспекі;
  • паўсюль, дзе гэта магчыма, зрабіце навучанне тэхніцы бяспекі даступным для ўкраінскіх журналістаў і для ўсіх журналістаў, у тым ліку фрылансераў, якія вядуць рэпартажы з Украіны, і «праявіце такую ​​ж заклапочанасць пра дабрабыт і бяспеку фрылансераў, мясцовых журналістаў і супрацоўнікаў медыя, як у дачыненні да сваіх супрацоўнікаў», забяспечце ўкраінскіх калег такімі ж сродкамі індывідуальнай абароны, як міжнародных рэпарцёраў;
  • адчыніце дзверы для журналістаў і рэдакцый, якія пераехалі, дапамажыце ім з пошукам бяспечных месцаў для працы, найміце іх, калі ёсць такая магчымасць;
  • прыслухайцеся да заклікаў украінскіх калег выкарыстоўваць трапную і дакладную мову, якая адпавядае этычным стандартам незалежнай журналістыкі, пры асвятленні ўварвання Расііі ва Украіну.

Да прыватных і дзяржаўных спонсараў і фундатараў прафесійнай журналістыкі мы звяртаемся з просьбай:

  • неадкладна павялічце і забяспечце гнуткую фінансавую падтрымку медыя, якія выпускаюць незалежную, этычную журналістыку, даўшы іх магчымасць наймаць або працягваць аплачваць працу рэпарцёраў, рэдактараў і прадзюсераў, што асвятляюць уварванне Расіі ва Украіну;
  • калі фінансуеце журналістыку, памятайце, што журналістыка — гэта грамадскае дабро. Гэта самамэта і апора дэмакратыі, ад якой залежаць многія іншыя правы і свабоды. Не падрывайце незалежнасць журналістыкі, спрабуючы выкарыстаць яе як інструмент стратэгічнай камунікацыі або як сродак дасягнення іншых мэтаў развіцця. Стаўцеся да журналістыкі з павагай, якую яна заслугоўвае, і прытрымлівайцеся перадавых метадаў эфектыўнай падтрымкі журналістыкі, якія добра сябе зарэкамендавалі;
  • спрасціце працэс падачы заявак на фінансаванне ў надзвычайных сітуацыях: формы заявак маюць быць на мясцовых мовах і не мусяць патрабаваць вялікіх аб’ёмаў інтэрнэт-даных ды запампоўкі шматлікіх файлаў;
  • забяспечце ўключэнне медыя і журналістыкі ва ўсе механізмы каардынацыі дапамогі;
    аказвайце падтрымку не толькі рэдакцыям, але і асобным журналістам ды фрылансерам з Украіны, у тым ліку праз механізм стыпендый або праектаў па вытворчасці кантэнту;
  • разгледзьце магчымасць аказання не толькі фінансавай, але і метадалагічнай ды тэхнічнай падтрымкі. Гэта можа быць перадача абсталявання для пацярпелых рэдактараў, навучанне ды публікацыя метадычных матэрыялаў.

Да ЕС, краін-членаў ЕС, членаў Кааліцыі за свабоду медыя і да ўсіх дзяржаў, якія клапоцяцца пра права на свабоду выказвання меркавання і доступ да інфармацыі, мы звяртаемся з просьбай:

  • забяспечце экстраныя візы і бяспечныя прытулкі для ўкраінскіх журналістаў, а таксама незалежных журналістаў з Беларусі і Расіі, каб яны маглі найхутчэй узнавіцца і працягваць асвятляць падзеі;
  • асудзіце тэндэнцыю крыміналізацыі журналістыкі, якая з’яўляецца адметнай рысай паўзучага аўтарытарызму ў многіх частках свету. Журналістыка — гэта не злачынства;
  • выкарыстоўвайце ўсе шматбаковыя форумы для абароны правоў журналістаў і прасоўвання іх абароны ў якасці грамадзянскіх асоб у адпаведнасці з міжнародным гуманітарным правам, асабліва ў кантэксце вайны Расіі супраць Украіны;
  • садзейнічайце ўсім намаганням па расследаванні і прыцягненні да адказнасці за нанясенне шкоды журналістам, якія пацярпелі ў гэтай вайне.

Да супрацоўнікаў тэхналагічных кампаній, тэлекамунікацый, інтэрнэт-пасярэднікаў і рэкламадаўцаў мы звяртаемся з просьбай:

  • працуйце з медыя і журналісцкай супольнасцю для выяўлення, абароны і прасоўвання незалежнай, этычнай журналістыкі, праверкі фактаў і павышэння медыяпісьменнасці;
  • не дапускайце аўтаматычнага выдалення журналісцкага кантэнту, які дакументуе доказы міжнароднай агрэсіі, ваенных злачынстваў, злачынстваў супраць чалавечнасці ды іншых сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека. Яны маюць быць даступнымі журналістам, спецыялістам па праверцы фактаў, следчым і іншым зацікаўленым бакам, каб эфектыўна прыцягнуць вінаватых да адказнасці і пакласці канец беспакаранасці. Узмацніце празрыстасць і парадак апавяшчэння, паскорце працэдуры абскарджання і прававой абароны;
  • адмяніце камерцыйныя стымулы — як праз алгарытмы, так і праз палітыку мадэрацыі кантэнту, — што дыскрымінуюць здольнасць журналістыкі, якая прадстаўляе грамадскія інтарэсы, ахопліваць аўдыторыю і манетызаваць высакаякасны кантэнт;
  • супрацоўнічайце з рэкламадаўцамі, каб спыніць выкарыстанне тэхналогіі чорнага спісу для блакіроўкі паказу рэкламы з гісторыямі, якія згадваюць такія канфлікты, як агрэсія Расіі супраць Украіны, пандэмія COVID-19 ды іншыя крытычныя сацыяльныя праблемы і праблемы аховы здароўя;
  • забяспечце даступнасць інтэрнэту для ўсіх і прасоўвайце права на доступ да інфармацыі.

Мы неаспрэчна салідарныя з усімі журналістамі ва ўсім свеце, якія працуюць у зонах канфліктаў або ў месцах, дзе абмяжоўваецца свабода слова і ствараюцца перашкоды ў прадстаўленні дакладнай інфармацыі ў грамадскіх інтарэсах.

Перуджыйскую дэкларацыю ў падтрымку Украіны падпісала ўжо больш за 200 арганізацый. Больш інфармацыі аб дэкларацыі тут.

Падпішыце дэкларацыю ад імя вашай арганізацыі або ад сябе асабіста праз гэтую кароткую форму.

Актуальны спіс падпісантаў можна паглядзець тут.

Азнаёмцеся з Дэкларацыяй на:

Кантактныя даныя: Tom Law, Head of Policy and Learning GFMD, tlaw@gfmd.info 

Кантакты для прэсы: communications@gfmd.info +38163214478

Search

You are using an outdated browser which can not show modern web content.

We suggest you download Chrome or Firefox.